Алесь Бяляцкі пра сітуацыю з правамі чалавека
Праваабарончыя арганізацыя прызнаюць наяўнасць у Беларусі шасці палітычных зняволеных. Некаторыя праваабаронцы дадаюць да гэтага спісу і былога кіраўніка грамадскай арганізацыі „Платформа” Андрэя Бандарэнку.
Паводле старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” і былога палітвязня Алеся Бяляцкага, асобныя меркаванні, што сітуацыя з палітвязнямі ды ўвогуле з правамі чалавека ў Беларусі паляпшаецца – разыходзіцца са справамі:
– Наадварот можна адзначаць пагаршэнне. Тое, што мяне вызвалілі, для мяне асабіста – гэта, вядома, прыемная навіна, але яна па вялікім рахунку нічога не змяніла і нічога не паказала таму, што хацелася, каб былі вызваленыя наступныя палітычныя зняволеныя. Нагадаю, што зараз па палітычных матывах у беларускіх турмах знаходзіцца шэсць зняволеных. На жаль, беларускія ўлады гэта не робяць і наадварот пераслед журналістаў, пераслед кропкавы грамадскіх актывістаў моладзевых паказвае на тое, што пачалася падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў.
„Упартасць уладаў у пытанні палітычных зняволеных з’яўляецца пэўным палітычным пасылам усяму беларускаму грамадству. І толькі пазіцыя самаго грамадства можа змяніць сітуацыю”, – лічыць Алесь Бяляцкі. На яго думку, толькі самі грамадзяне краіны здольны абараніць свае палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя правы.
Беларускае Радыё Рацыя