Алесь Бяляцкі прыняў удзел у Марафоне лістоў у падтрымку палітвязняў



Бельгійскае аддзяленне Міжнароднай амністыі падрыхтавала цыкл ролікаў з удзелам былога вязня сумлення з Беларусі Алеся Бяляцкага.

«Марафон напісання лістоў» – гэта глабальная кампанія, якая праходзіць штогод у снежні. Сотні тысяч людзей з розных краін свету пішуць лісты тым, з кім ніколі не сустракаліся, але хто мае патрэбу ў іх падтрымцы, піша сайт Праваабарончага Цэнтра «Вясна».

Арганізатары шматкроць пераконваліся, што марафоны лістоў сапраўды могуць мяняць жыцці людзей да лепшага. Алесь Бяляцкі, герой Марафону лістоў–2012, узгадвае, што ў час зняволення  яго „засыпала лавінай лістоў і паштовак”. Дзякуючы намаганням Міжнароднай амністыі, каля ста тысяч людзей выступілі ў падтрымку беларускага вязня сумлення.

Сёлета праваабаронца сам прымае ўдзел у «Марафоне лістоў», зняўшыся ў шэрагу відэа-ролікаў у падтрымку кампаніі і вязняў сумлення. Такім чынам, праваабаронца заклікае ўсіх неабыякавых узяць удзел у напісанні лістоў уладам-парушальнікам, а таксама адрасаваць цёплыя словы падтрымкі людзям, чые правы парушаюцца.

Паводле spring96.org