Алесь Бяляцкі: Словамі вірус не спыніш
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў Беларусі з эпідэміяй каронавіруса.
Алесь Бяляцкі: Я лічу, што нам не трэба вынаходзіць ровар, а варта рабіць тое, што робяць усе іншыя еўрапейскія краіны, якія ставіцца да праблемы надзвычай сур’ёзна.
Таму што тое, што зараз ёсць, гэта непрымальна. Мы бачым актыўнае выкарыстанне грамадскага транспарту, дзе людзі лёгка могуць перадаваць вірус адзін аднаму. Бачым працяг масавых мерапрыемстваў, якія адбываюцца – рэлігійных, спартовых, зараз рыхтуецца ваенны парад на 9 траўня.
Масавы збор людзей – гэта самае небяспечнае, што можа быць пры любой заразе. Таму мне падаецца, што дзяржава не праяўляе дастатковай палітычнай волі. У такім выпадку і ўся палітычная адказнасць будзе адпаведна ляжаць на кіраўніцтве краіны. Хочацца верыць, што катастрофы не адбудзецца, але відавочна, што дзяржава не робіць таго, што павінна зрабіць.
РР: Некаторыя праводзяць аналогію з сітуацыяй, калі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС савецкае кіраўніцтва таксама замоўчвала трагедыю…
Алесь Бяляцкі: Безумоўна, можна правесці такія паралелі, сітуацыі вельмі падобныя. Я вельмі добра памятаю, як гэта ў 1986 годзе было ў нас, на Гомельшчыне. 26 красавіка здарылася аварыя, а 1 траўня людзей выводзілі на дэманстрацыі. І зверху ім на галовы сыпалася радыяцыя. Ужо было зразумела, што выходзіць на вуліцу небяспечна, але ніхто не браў на сябе адказнасць нешта рэзка мяняць.
Таму, як мне падаецца, і зараз зацягванне сітуацыі ў Беларусі павялічвае колькасць смерцяў і ўвогуле разбурае сістэму аховы здароўя, бо зараз яны не спраўляюцца. Лякарні імкліва запаўняюцца, і ўсё гэта толькі нарастае. Дынаміка вельмі небяспечная, як бы яе не хацела спыніць улада сваімі чароўнымі словамі, што ў нас усё добра. Але словамі вірус не спыніш. Патрэбны лагічныя крокі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя