Алесю Бяляцкаму – 59 гадоў (абноўлена)
Сёння, 25 верасня, спаўняецца 59 гадоў старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесю Бяляцкаму. Гэта не першы яго дзень народзінаў за кратамі. У 2011 годзе Алеся таксама затрымлівалі па крымінальнай справе.
Сябра часовай рады “Вясны” Аляксей Колчын успамінае, як тады яны святкавалі 50-годдзе:
– Мы святкавалі амаль усёй арганізацыяй пад тымі ж самымі мясцінамі, у якіх ён зараз, на жаль. Гэта было амаль 9 гадоў таму. Мы хадзілі там па цэнтральных менскіх вуліцах, падпісвалі паштоўкі. Памятаю, што мы былі ў футболках з яго партрэтам. Пастаянна нейкія шарыкі пускалі каля самой Валадаркі. І неяк нам гэта ўсё па тых часах “сышло з рук”. Зараз гэта цяжка ўявіць, што такое магчыма было б у Беларусі.
Алена Маслюкова, праваабарончы цэнтр “Вясна”:
– Я перакананая ў тым, што любая вестачка з волі мае вельмі вялікае значэнне для чалавека, які гэтай волі пазбаўлены. І для Алеся, які ўжо прайшоў праз гэта пекла адзін раз, гэта, напэўна, вельмі цяжка і яшчэ, можа быць, цяжэй, чым было ў першы раз. Таму я сваім абавязкам лічу падтрымліваць сябра. І таму, канешне, я яму напісала некалькі лістоў і паштовак. І вельмі спадзяюся, што яны знойдуць свайго адрасата.
За кратамі, акрамя старшыні праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага знаходзіцца яго намеснік Валянцін Стэфановіч, юрыст Уладзь Лабковіч, а таксама яшчэ чатыры чалавекі. З гэтай нагоды была запушчана кампанія салідарнасці са зняволенымі “вясноўцамі” пад хэштэгам #FreeViasna.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя
***
25 верасня – дзень нараджэння Алеся Бяляцкага, зняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтру „Вясна”, вядомага ва ўсім свеце абаронца правоў чалавека.
Алесь Бяляцкі з 2007-га па 2016 год быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH).
За 25 год сваёй дзейнасці Алесь Бяляцкі быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: у 2006 годзе — шведскай прэміяй імя Пера Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаю Вацлаў Гавел, у 2011 годзе — дыпломам “За мужнасць і барацьбу за свабоду”, прэміяй “Лепшы праваабронца года”, прэміяй Нарвежскага саюза пісьменнікаў “За свабоду слова”, у 2012 годзе — прэміяй Дзярждэпартамента ЗША, прэмія Леха Валенсы, прэміяй імя Петры Кэлі ў знак прызнання дзейнасці ў адстойванні правоў чалавека ў Беларусі, у 2013 годзе — прэміяй Вацлава Гавела ад ПАСЕ, у 2019 годзе — прэміяй “За правы чалавека і вяршэнства закона”, а ў 2020 годзе — прэміяй “За годны лад жыцця” і супольна з іншымі прэміяй імя Сахарава. Пяць разоў вылучаўся на Нобелеўскую прэмію міру. Алесь з’яўляецца аўтарам некалькіх кніг.
Старшыня „Вясны” быў затрыманы 14 ліпеня 2021 года ў межах крымінальнай справы, у яго дома і ў офісе арганізацыі адбыўся ператрус.
Першы раз рэжым асудзіў Алеся Бяляцкага 4 лістапада 2011 года на 4,5 гады турэмнага зняволення нібыта за нясплату падаткаў. У 2021 годзе праваабаронцу арыштавалі па ч.2 арт.342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Беларускае Радыё Рацыя зычыць Алесю Бяляцкаму духовай вытрымкі, фізічнай моцы і найхутчэйшага выхаду на волю.
Ліставаць праваабаронцу трэба на наступны адрас: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2