Алесь Бяляцкі: Цяпер мы знаходзімся на піку палітычных рэпрэсій
Цяпер палітвязняў ужо няма дзе ўтрымліваць у такой колькасці, хіба што давядзецца будаваць спецыяльную калонію, кажа праваабаронца.
Агульная колькасць людзей, якія крымінальна пераследуюцца па палітычных матывах, — больш за тысячу чалавек. Амністыя магчымая, але яна будзе падавацца не як палітычная. Кіраўнік ліквідаванага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ацаніў ў размове з «Народнай Воляй» перспектывы «амністыі тым, хто пакаецца». Як вядома, такую ініцыятыву на Усебеларускім народным сходзе 12 лютага агучыў былы вязень «амерыканкі» Юрый Васкрасенскі.
— Я думаю, Васкрасенскі не выказаў свае думкі, а рэтрансляваў пажаданні КДБ. Больш за тое, не так даўно, каля месяца таму, і сам Лукашэнка сказаў: прызнайце сваю віну, пакайцеся. Нічога новага ў гэтым патрабаванні няма. Раней ці пазней палітвязням прапануецца напісаць прашэнне пра памілаванне (у розных варыяцыях). Як вы памятаеце, пасля падзей снежня 2010 года палітвязням таксама прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні, і ў жніўні-верасні тыя, хто напісаў такія паперы, былі вызваленыя. Хто не напісаў — застаўся сядзець. Я так разумею, што прашэнне пра памілаванне стала абавязковым патрабаванням для вызвалення і цяпер.
А акрамя таго, Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі няма палітвязняў. Гэтая фраза гучыць ужо паўстагоддзя, яшчэ з савецкіх часоў. І тады палітвязняў прымушалі пісаць прашэнні аб памілаванні.
— Колькі асуджаных пасля мірных пратэстаў падпадаюць пад агучаныя крытэры?
— У Васкрасенскага трэба пытацца, што ён меў на ўвазе.
На сённяшні дзень каля 250 асобаў ужо прызнаныя палітвязнямі, і кожны тыдзень спіс палітвязняў папаўняецца новымі людзьмі. Але колькасць людзей, асуджаных і пакараных па палітычных прычынах, пераваліла ўжо за 500. Яшчэ некалькі сотняў людзей чакае сваіх судоў у ізалятарах, частка — пад падпіскай аб нявыездзе. І невядома, чым для іх могуць скончыцца суды.
Агульная колькасць людзей, якія крымінальна пераследуюцца па палітычных матывах, — больш за тысячу чалавек.
На жаль, працэс працягваецца: штодня распачынаюцца новыя крымінальныя справы. Цяпер мы знаходзімся на піку палітычных рэпрэсій. Улада страціла ўсякія рамкі ў адносінах з грамадствам.
— Якія перспектывы такой амністыі?
— Амністыя магчымая. Але, відавочна, яна не будзе паднесеная пад соусам палітычнай амністыі. Нейкая частка зняволеных можа выйсці з калоній пад ціскам міжнароднай супольнасці і з той элементарнай прычыны, што такую колькасць палітвязняў няма дзе ўтрымліваць. Справа ў тым, што ў Беларусі існуюць толькі 6 ці 7 калоній для першаходак, але ў звычайную калонію столькі палітвязняў адначасова не загоніш – яны зламаюць усе правілы, устаноўленыя адміністрацыяй. Калі, вядома, не будаваць асобную калонію для палітвязняў. Дарэчы, у савецкія часы палітвязняў асобна ўтрымлівалі ў Пермскай калоніі.
Паводле www.nv-online.info.