Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны медалём да 100-годдзя БНР



Старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі ўзнагароджаны медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Рада БНР вырашыла ўзнагародзіць праваабаронцу ў знак прызнання заслугаў дзеля беларускай незалежнасці і дэмакратыі.

– Я вельмі ўдзячны радзе БНР за тое, што мая сціплая праца была такім чынам ушанаваная. Гэтая ўзнагарода мае, канешне, больш такое сімвалічнае значэнне, бо мы разумеем, што гэта не дзяржаўная ўзнагарода ў поўным сэнсе гэтага слова. Была б яна дзяржаўная, я б яе не прыняў, таму што, калі ты займаешся праваабаронай і ў краіне адстойваеш правы чалавека, то браць дзяржаўныя ўзнагароды – гэта няправільна.

Медаль быў заснаваны ў снежні 2018 года ўрадам БНР у дні святкавання 100-годдзя незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыццёвыя заслугі ў працы дзеля здзяйснення ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за даследаванні і папулярызацыю беларушчыны, здабыццё і ўмацаванне дзяржаўнай незалежнасці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».

Уручэнне ўзнагарод мае адбывацца на працягу 2019 года.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя