Алесь Бяляцкі выйшаў са Следчага камітэту пасля 5-гадзіннага допыту
Скончыўся 5-гадзінны допыт Алеся Бяляцкага, старшыні праваабарончага цэнтра “Вясна”. У Следчы камітэт Алеся выклікалі і раней (7 красавіка) — але тады ён запатрабаваў, каб следчыя дзеянні вяліся на беларускай мове. Таму допыт перанеслі на 9 красавіка:
– У мяне падпіска аб неразгалошванні. Увесь допыт, ад пачатку да канца, ішоў на беларускай мове. І зачытваліся правы мне па-беларуску, і сам пратакол па-беларуску быў складзены, і пытанні былі падрыхтаваныя на беларускай мове, і падпіску аб неразгалошванні мне таксама па-беларуску далі, і следчая правяла ўвесь допыт на беларускай мове.
Алесь Бяляцкі праходзіць у якасці сведкі па крымінальнай справе, заведзенай на “Вясну” паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – “Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Па справе “Вясны” на допыты раней выклікалі іншых яе сяброў. Рада ПЦ “Вясна” выказала свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачыненні да арганізацыі.
***
Сёння, 9 красавіка, кіраўнік праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі быў дапытаны ў Следчым камітэце. Пасля 5-гадзіннага допыту правабаронца выйшаў на волю.
Допыт павінен быў адбыцца некалькі дзён таму – 7 красавіка, але тады Алесь Бяляцкі згодна з заканадаўствам запатрабаваў каб усё ішло па-беларуску. З-за гэтага допыт перанеслі на пятніцу.
Следчыя дзеянні праводзяцца ў межах крымінальнай справы, заведзенай паводле часткі 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак
Фактычна, за сакавік – красавік праз допыты і затрыманні па справе „Вясны” прайшло некалькі дзесяткаў праваабаронцаў, валанцёраў і журналістаў у многіх гарадах Беларусі. Нагадаем, 16 лютага, у межах крымінальнай справы адбыліся дзесяткі ператрусаў у сябраў арганізацыі, а таксама на офісе ПЦ “Вясна” на пр. Незалежнасці 78а і на Мяржынскага ў Менску, а ў другой палове дня дома ў старшыні арганізацыі Алеся Бяляцкага.
Беларускае Радыё Рацыя