Алесь Чайчыц: Гэта вялікі подзвіг, які мы павінны шанаваць



Беларускае дэмакратычнае грамадства адзначае Дзень герояў, або Дзень Слуцкага збройнага чыну. І хоць галоўная дата прыпадае на 27 лістапада, мерапрыемствы ў розных краінах праходзяць на працягу некалькіх дзён.

Пра тое, чым значная гэта дата, распавядае сябра прэзідыума Рады БНР Алесь Чайчыц:

Гэта быў самы вялікі выступ у абарону незалежнасці Беларусі, які адбываўся збройным спосабам, калі людзі сапраўды паўсталі са зброяй у руках супраць вонкавых акупантаў, супраць бальшавісцкай Расеі і ў прынцыпе супраць несправядлівага міжнароднага пагаднення, якое падзяліла Беларусь на дзве часткі. І гэта вялікі подзвіг, які мы павінны шанаваць, які стаў з таго часу адной з галоўных датаў у календары беларускай палітычнай грамадскасці.

У Дзень герояў Рада БНР плануе агучыць прозвішчы чарговых асоб, адзначаных адмысловымі ўзнагародамі. Акрамя таго, ужо з’явіўся традыцыйны зварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну.

Беларускае Радыё Рацыя