Алесь Чайчыц: Тут сораму не адчуваюць



Беларускі публіцыст, журналіст, сакратар Рады БНР Алесь Чайчыц, які працаваў у Расеі, нядаўна з’ехаў адтуль. Ён распавядае пра прычыны ад’езду і стаўленне расейцаў да вайны ва Украіне.

РР: Вы шмат гадоў пражылі ў Маскве і працавалі там. А літаральна вось учора вырашылі з’ехаць. Што стала для вас апошняй кропляй?

Алесь Чайчыц: Тут па сукупнасці эканамічных і палітычных прычынаў і фактараў, і пагаршэння палітычнай абстаноўкі, большая пагроза рэпрэсій, і эканамічнай – тое, што абрываюцца сувязі банкаўскія, фінансавыя, увогуле бізнесовыя паміж Расеяй і ўсім астатнім светам амаль што. У такой сітуацыі камфортней быць за межамі Расеі на нейкі час.

РР: А ў чыста побытавым сэнсе, з чым вы сутыкнуліся перад ад’ездам, то-бок заблакаваліся вашы карткі, і імі нельга было карыстацца ў крамах, зніклі нейкія прадукты, нельга зняць грошы ў банкаматах? З чым зараз сутыкаюцца шараговыя жыхары Расеі?

Алесь Чайчыц: Тавары пакуль што ў крамах ёсць. У прынцыпе жыццё пакуль што ніяк не змянілася, прынамсі па стане на пазаўчорашні дзень. Акрамя таго, што курс валюты, і валюты няма ў банку. Людзі стаяць у чэргах, і ўсе банкі перапоўненыя людзьмі, якія спрабуюць неяк выратаваць свае сродкі. Праблемы з пераводамі за мяжу – туды-сюды. Пакуль што праблемы абмяжоўваюцца гэтым, але ёсць, канешне, і вялікае ўсведамленне, што „выбуховая хваля” яшчэ проста не дайшла, і што яна дойдзе праз пару тыдняў, калі сапраўды пачнуцца ўжо перабоі з нейкімі звыклымі таварамі, калі вельмі істотна скокнуць уверх кошты. Вось у той момант людзі на сабе адчуюць, канешне, напоўніцу.

РР: Каго зараз у гэтым абвінавачваюць расейцы? Як заўжды, паводле прапаганды, даруйце, “піндосаў”, Еўропу ці ўсё ж такі яны пачынаюць задумвацца пра карані ўсяго таго, што дзеецца зараз?

Алесь Чайчыц: У пэўнай ступені людзі ўспрымаюць гэта як стыхійнае бедства, скажам крызіс 2008 года ці там крызіс 1998 года. Там слабая была персаналізацыя. Людзі больш там выжывалі, спрабавалі пратрымацца ў тых сітуацыях, але гэта не вылівалася ў нейкае такое вось буйное палітычнае абурэнне і ў нейкі імпульс, які ціснуў бы на ўладу. Гэта трохі спалучаецца з нейкім неразуменнем таго, што адбываецца ў вонкава-палітычнай сферы, але такой наўпроставай сувязі людзі, ці то не бачаць, ці то баяцца сабе прызнацца ў гэтым.

РР: То-бок ні пра якае “сорамна”, з-за якое зараз пакутуюць шматлікія беларусы, у такіх расейскіх шырокіх масах размова ўвогуле не вядзецца?

Алесь Чайчыц: Гэта не ў расейскім нацыянальным характары. Ёсць там нейкая такая нязгода, што вось такімі метадамі робіцца вонкавая палітыка. Ёсць такая нязгода, што трэба было па-іншаму рабіць. Але, каб сорамна, каб даволі вялікая частка пісала пра гэта, пра слова “сорам”, і нават у палітычна-свядомых і актыўных людзей, якія супрацьпастаўляюць сябе дзейснаму рэжыму, таксама пашыраны такі настрой як: а нас за што? Мы за яго не галасавалі. Таму тут таксама сораму не адчуваюць, таму што гэта ім павінна быць сорамна, а нам за што?

РР: Напэўна, выключэнне складае Хадаркоўскі. Ці бачылі вы яго інтэрв’ю з украінскім журналістам Гардонам, дзе Хадаркоўскі, апанент Пуціна, папросту плакаў і прасіў прабачэння?

Алесь Чайчыц: Я бачыў гэты відэасюжэт, гэта вельмі прыгожа і вельмі шляхетны жэст. Але гэта вельмі рэдкая пазіцыя ў расейскім грамадстве, такога ўсведамлення яшчэ няма.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя