Алесь Чахольскі: У Курапатах нічога, апрача ўжо створанага, быць не павінна



Непасрэдна на тэрыторыі народнага мемарыяла Курапаты, які ствараўся высілкамі грамадства з канца 1980-х гадоў, нічога з’яўляцца не павінна, заявіў адказны сакратар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ, кіраўнік грамадскай дырэкцыі мемарыяла Алесь Чахольскі на адмысловым круглым стале 5 верасня Менску.

Круглы стол, прысвечаны грамадскаму абмеркаванню дзяржаўнага конкурсу на памятны знак у Курапатах, зладзіла суполка „Пагоня” Беларускага саюза мастакоў і грамадзянская ініцыятыва „Эксперты ў абарону Курапатаў”.

„Як чалавек, які з сябрамі па партыі аддаў больш за 20 гадоў жыцця народнай мемарыялізацыі Курапатаў, я маю права канкрэтызаваць некаторыя рэчы, — адзначыў Чахольскі. — Па-першае, мы павінны сцвердзіць назву, якая ўжо ўведзена ў свядомасць шырокай грамадскасці, — „Народны мемарыял Курапаты”. Сапраўды яго стварыў беларускі народ, таму мемарыял павінен афіцыйна так гучаць”.

„Па-другое, яшчэ ў 2000 годзе была распрацавана канцэпцыя мемарыяла. Канцэпцыя ўключае непасрэдна тэрыторыю помніка і ахоўныя зоны, поле і гэтак далей. На тэрыторыі помніка мемарыялізацыя ужо здзейсненая згодна з нашай хрысціянскай традыцыяй. Ёсць чыстыя і прыбраныя магілы, захаваны ландшафт, ямы — усё ў натуральным выглядзе. Там прыбраны лес. Ёсць крыжы — памятныя знакі. Больш там нічога не можа быць”, — упэўнены ён.

Уся астатняя мемарыялізацыя Курапатаў, паводле слоў Чахольскага, павінна адбывацца „на полі з боку „Экспабела”. Але, каб увасобіць пэўныя праекты па мемарыялізацыі па-за межамі непасрэдна помніка, мусяць быць адноўленыя ахоўныя межы не менш за 300 метраў, а пабудаваны з адваротнага боку рэстаран „Поедем поедим” — знесены.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец падтрымаў Чахольскага ў тым, што „народны мемарыял у Курапатах існуе”. „Калі дзяржава хоча яго ўзаконіць — калі ласка, калі хоча яго пашыраць, то мусіць параіцца з грамадствам, людзьмі, якія стваралі народны мемарыял, сваякамі ахвяраў. І рабіць мемарыял на тым полі, па якім везлі на смерць бязвінных людзей”, — адзначыў палітык.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алена Анісім выказала думку пра тое, што Курапаты мусяць стаць „тэмай, якая дасць грамадству імпульс да далейшага праўдзівага жыцця”. „Найперш мусіць быць праўда, апублікаванне спісаў тых, хто загінуў у Курапатах, і рэабілітацыя ўсіх тых [ахвяраў сталінскіх рэпрэсій], хто дагэтуль не быў рэабілітаваны”.

Дэпутат нагадала, што 19 ліпеня яна даслала ліст у Міністэрства культуры з прапановай „сустрэцца разам з грамадскасцю і рознымі ініцыятывамі, каб абмеркаваць праблему мемарыялізацыі Курапатаў”, але да сённяшняга дня „афіцыйнага адказу на гэтыя прапановы не паступіла”.

Старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч заявіла, што грамадскасць у першую чаргу мусіць даведацца, з якім намерам савецкія дзяржаўныя органы, у прыватнасці НКУС, „закладвалі курапацкія пахаванні”, бо без гэтага нельга дазнацца, „з якім намерам сённяшняя дзяржава ідзе на мемарыялізацыю Курапатаў”. „Інфармацыю пра гэта мы павінны патрабаваць ад сённяшніх дзяржаўных органаў, бо толькі тагачасная дзяржава вінаватая ў тых злачынствах, якія дагэтуль яшчэ не прызнаныя злачынствамі”, — падсумавала Тарасевіч.

belapan.by