Алесь Чахольскі: У зносе курапацкіх крыжоў – выразны расейскі след
У зносе курапацкіх крыжоў – выразны расейскі след. У гэтым упэўнены прадстаўнік Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ Алесь Чахольскі.
Ён прыгадвае, што ў 1988 Зянон Пазняк выявіў месца генацыду беларускага народа ў Курапатах, які ажыццяўляў расейскі НКВД. Цяпер жа нашчадкі НКВД хочуць знішчыць сляды свайго злачынства, лічыць палітык:
– ФСБ распрацавала план. Куратарам на тэрыторыі Беларусі выступае іх філія. Выканаўцы: Менскі аблвыканкам, Менскі райвыканкам, Бараўлянскі спецлясгас і Менскаблдарбуд. Задачы тры. Першая – спыніць усталяванне крыжоў. Другая задача – знішчэнне крыжоў. Трэцяя задача – знішчэнне магіл.
На пытанне, што рабіць у гэтай сітуацыі, Алесь Чахольскі заяўляе: “Трэба ўсім разам паказваць сапраўдны твар рэжыму”:
– Расказаць міжнароднай супольнасці, што гэта такое. Я звяртаюся да тых людзей, якія хочуць удзельнічаць у нейкім праймерыз, у нейкай гэтай ерундзе, слухайце, спыніціся спадары. Вы ж столькі гадоў дапамагалі гэтаму рэжыму існаваць, удзельнічалі ў яго так званых выбарах. Вы ўдзельнічаеце ў тым, чаго няма, вы ж таксама здраджваеце беларускаму народу і становіцеся на бок акупацыйнай улады.
Ад самай раніцы стала вядома, што ва ўрочышчы Курапаты зносяць усталяваныя па перыметры вялікія крыжы. Выкапаныя крыжы вывозяць з урочышча на грузавых машынах без нумароў, вакол дзяжураць міліцыянты, АМАП і так званыя “людзі ў цывільным”. Вядома пра затрыманне некалькіх актывістаў: Паўла Севярынца, Змітра Дашкевіча, Дзяніса Урбановіча і Ніны Багінскай ды іншых. Паводле інфармацыі сайта naviny.by, ужо затрыманыя восем чалавек.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя