Алесь Чахольскі лічыць, што суддзя зняважыў нацыянальную годнасць



Адказны сакратар управы Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі адмовіўся ўдзельнічаць у разглядзе сваёй адміністрацыйнай справы ў судзе Фрунзенскага раёну Менску. Прычынай з’явілася нязгода суддзі весці працэс па-беларуску.

Справа за ўдзел Алеся Чахольскага ў несанкцыянаваным мітынгу ў абарону Курапатаў – мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій,  была заведзена яшчэ ў сакавіку 2017 году. 28 сакавіка ён быў аштрафаваны, але ў гарадскім судзе дабіўся адмены гэтага рашэння. Справу накіравалі на новы разгляд.

– Я сёння, 12 ліпеня, быў у Фрунзенскім судзе. Паспрабавалі пачаць працэс разгляду гэтай адміністрацыйнай справы. Вёў паседжанне суда Млечка Андрэй Віктаравіч. І што высветлілася ў ходзе працэса? Мне, беларусу па нацыянальнасці, грамадзяніну Беларусі, на маёй зямлі, у маёй беларускай дзяржаве было адмоўлена ў вядзенні працэса на беларускай мове. Калі гэта прагучала, я тады прад’явіў хадаўніцтва аб выкліку ў суд перакладчыка.

Аднак суддзя адхіліў і гэтае хадайніцтва, таму што Алесь Чахольскі, як грамадзянін Беларусі, павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы. Чахольскі заявіў, што судзя парушыў закон, у тым ліку Канстытуцыю, і таму  ўдзельнічаць у разглядзе  сваёй справы адмаўляецца. Алесь Чахольскі дабіўся, каб прычына адмовы – знявага яго нацыянальнай годнасці і парушэнне Канстытуцыі суддзёй, была ўнесена ў пратакол судовага паседжання. Таксама ён напісаў скаргу на імя старшыні суду Фрунзенскага раёну і не выключае, што будзе дабівацца завядзення крымінальнай справы за знявагу нацыянальнай годнасці.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя