Алесь Дзянісаў: Гэта знак пашаны – быць на перапахаванні ў Вільні 22 лістапада



Гарадзенскі музыка, лідар гурта Dzieciuki Алесь Дзянісаў заклікае беларусаў прыняць удзел у мерапрыемствах па перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага, якія адбудуцца ў Вільні 22-23 лістапада 2019 года.

Кажа Алесь Дзянісаў:

– Прычынаў, насамрэч, шмат. Я назаву толькі адну – мы павінны аддаць даніну павагі тым людзям, якія змагаліся за вольнасць нашай краіны. І трэба дадаць, што падобныя падзеі адбываюцца адзін раз у жыцці. І нам пашчасціла, што менавіта пры нашым жыцці знайшлі парэшткі паўстанцаў. І пры нашым жыцці іх пахаваюць.

Алесь Дзянісаў запрашае таксама на канцэрт гурта Dzieciuki, які адбудзецца ў Вільні ў адной з віленскіх залаў.

– Мы яшчэ да канца не вызначыліся з праграмай, але напэўна гэта будзе вялікая праграма, якая будзе складацца і з новых, і са старых песень. Чаму мы падзелім праграму на сур’ёзную і вясёлую? Каб сур’ёзныя песні не перамяжоўваліся з вясёлымі.

Азнаёміцца з мерапрыемствамі па перапахаванні паўстанцаў Каліноўскага, у якіх прымуць удзел кіраўнікі Польшчы і Літвы, можна на адмысловых старонках у сацыяльных сетках, а таксама на старонцы грамадскага камітэту па перапахаванні.  

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня