Алесь Краўцэвіч: Беларусь – спадкаемца Расейскай імперыі
У Літоўскай рэспубліцы пасля раскопак на гары Гедыміна ідэнтыфікавалі парэшткі Каліноўскага. Гісторык Алесь Краўцэвіч лічыць, што ў адносінах да Каліноўскага Беларусь паводзіць сябе як спадкаемца Расейскай імперыі.
– Літоўскія гісторыкі і літоўскія ўлады чакаюць рэакцыі беларускай улады. А беларуская ўлада, якая часам сябе прадстаўляе пераемнікам БССР, аказваецца пераемнікам Расейскай імперыі. Зараз яна праводзіць такую палітыку, якая патрэбна Расеі, і адмаўляецца нават ад Кастуся Каліноўскага, які быў героем у савецкія часы. Вельмі яскравы прыклад, што гэта за дзяржава. І ўжо добра, што будзе надпіс на магіле Каліноўскага па-беларуску. Я думаю, што беларуская грамадскасць мае не настолькі вялікую сілу і важкасць, каб астатнія надпісы зрабілі таксама па-беларуску.
У Беларусі наконт надпісаў па-беларуску на магілах паўстанцаў адбываецца збор подпісаў, гісторыкі і грамадскія дзеячы таксама перадалі больш за 500 подпісаў за гэту ініцыятыву, аднак прафесар Краўцэвіч лічыць, што адпаведны крок у гэтым напрамку мусіць зрабіць беларуская дзяржава, якая пакуль маўчыць.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня