Алесь Краўцэвіч: Галоўнае – накіраваць ЕГУ тварам да Беларусі



Група грамадскіх і культурных дзеячаў звярнулася да кіраўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта з заклікам абраць рэктарам ЕГУ грамадзяніна Беларусі, захаваўшы тым самым „беларускае сэрца” гэтай ВНУ.

Зварот падпісалі 37 чалавек, у тым ліку пісьменніца Святлана Алексіевіч, паэт і палітык Уладзімір Някляеў, былы палітвязень, праваабаронца Алесь Бяляцкі, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч.

На пасаду рэктара ЕГУ кандыдуе і аўтар гістарычных перадач на Радыё Рацыя, першы прарэктар Гарадзенскага універсітэта, прафесар Алесь Краўцэвіч.

– Самае галоўнае не рабіць рэзкіх рухаў, не адпіхваць людзей. Я думаю, галоўнае, што трэба зрабіць, гэта накіраваць гэты ўніверсітэт тварам да Беларусі, каб ён быў беларускім не толькі па шыльдзе, але і па сутнасці. У мяне ёсць вопыт правядзення беларусізацыі ўніверсітэта ў Гародні, я адказваў за выкананне закона аб мовах. Я ведаю, што тут вельмі важныя дзве рэчы: па-першае, жаданне кіраўніцтва, па-другое, фінансавы стымул.

Рашэнне адносна кандыдатуры рэктара павінна быць прынятая да 1 сакавіка 2015 года, паведамляе прэс-служба ЕГУ.

30 верасня пасаду рэктара ЕГУ пакінуў акадэмік Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Цяпер Міхайлаў займае новую пасаду – прэзідэнта ўніверсітэта.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя