Алесь Краўцэвіч – на волі
На трэці дзень пасля затрымання прафесара Алеся Краўцэвіча, гісторыка-медыявіста, прайшоў суд праз скайп у Ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Гая.
Суддзя Руслан Гурын на „аўтамаце” прысудзіў Алесю Краўцэвічу штраф 10 базавых адзінак, пасля таго, як той адсядзеў трое сутак у ізалятары. Суд заняў некалькі хвілінаў.
Кажа Алесь Краўцэвіч:
-Трое сутак у ізалятары часовага ўтрымання – гэта, канешне, першы раз у жыцці, унікальны вопыт. Суддзя вёў працэс карэктна. Спытаў мяне: што Вы выбіраеце – ці адседка сутак ці штраф? Я сказаў – штраф. Ён даў штраф 10 базавых велічынь. Спытаў, ці прызнаю я сябе вінаватым. Я сказаў: удзел прызнаю, вінаватым – не прызнаю. Чаму? Лічу сваім абавязкам выступаць супраць няправільнай улады, супраць несправядлівых выбараў і супраць гвалту на нашых вуліцах. Ваша пазіцыя зразумелая. Вось і ўвесь суд.
Судовы канвеер у Гародні над затрыманымі ўдзельнікамі акцыі пратэстаў працягваецца.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня