Алесь Краўцэвіч: Прагнозаў рабіць не будзем
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у Вільні – беларускі ўніверсітэт у выгнанні, надалей застаецца без рэктара. Імя новага рэктара абяцалі агучыць яшчэ да канца лютага, аднак гэтага не адбылося. Вядома, што сёння адбудзецца нарада заснавальнікаў універсітэту, у час якой могуць прыняць адпаведнае рашэнне, пра гэта стала вядома агенцтву БелаПАН.
Сярод кандыдатаў на пасаду рэктара – трое грамадзян ЗША і трое беларусаў, сярод якіх – гарадзенскі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч:
– Прагнозаў рабіць не будзем, таму што там сапраўды працэдура выбараў не празрыстая. Але, у прынцыпе, гэта права тых людзей, якія трацяць грошы на гэты ўніверсітэт. Не зусім карэктна вучыць іх як ім выбіраць менеджэра той установы, якую яны фінансуюць. Пэўныя шанцы ў мяне ёсць, але я не скажу, што гару ад гэтай працы. Таму што праца арганізацыйная мне ў жыцці менш важная, чым праца пісання. Але таксама файна, калі ты маеш уплыў на нейкую важную справу, і яна ідзе.
Летась у верасні з пасады рэктара ЕГУ на пасаду яго прэзідэнта перайшоў Анатоль Міхайлаў, які заснаваў універсітэт і кіраваў ім з моманту стварэння. Універсітэт быў закладзены ў Беларусі, улады яго зачынілі ў 2004 годзе, а праз год ён аднавіў сваю працу ў Вільні. Сярод кандыдатаў на яго рэктара – яшчэ адзін выхадзец з Гарадзеншчыны – вядомы беларускі палітык Аляксандр Мілінкевіч.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя