Алесь Краўцэвіч: Смяротная кара ў сярэднявеччы – публічнае відовішча



У раздзеле Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года “Пра земскі гвалт, пабоі і пра забойства шляхцічаў” смяротнае пакаранне прысутнічае каля дваццаці разоў.  

Шыбеніца, малюнак мастака Алеся Кажамякі

Алесь Краўцэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар гаворыць: “У трэцім Статуце колькасць артыкулаў са смяротным пакараннем павялічылася ў некалькі разоў у параўнанні з Першым Статутам. Гэта 1588 год. Можа быць, гэта звязана з агульным пагаршэннем сітуацыі. Гэта пачатак Контррэфармацыі, пачатак рэлігійнай барацьбы, пачатак крызіса Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Гэта пачатак канфрантацыі. А можа быць, гэта было звязана з асаблівасцямі светапогляду аўтараў гэтай кадыфікацыі. У час, калі існавала Вялікае Княства Літоўскае, смяротнае пакаранне неадменна прысутнічала ў прававым жыцці. Яно прымала розныя формы, было зменлівае. Часам смяротнае пакаранне замянялася платай. Гэта пачыналася ў сярэднявеччы. Зразумела, ішло яшчэ ад родавага грамадства – кроўная помста – “вока за вока, зуб за зуб”. І вось, калі ўзнікалі дзяржаўныя структуры, яны гэта бралі пад свой кантроль. Па-першае, вядзенне правасуддзя  – гэта функцыя дзяржавы. Па-другое, дзяржаўная адміністрацыя ці князь мелі з гэтага выгоду. І задачай пакарання было застрашэнне. Пакаранне ў сярэднявеччы, гэта практычна заўсёды, – публічнае відовішча. Практыкавалася і пасаджэнне на кол – пакутлівая смерць.  Гэта было на плошчах спецыяльна адведзеных, гэта было пры сцячэнні народа, пад гукі музыкі, пад гукі барабанаў. Але яно прысутнічала – смяротнае пакаранне. У нас у Гародні гэта нават зафіксавана ў гравюры – першай гравюры беларускага горада – 1568 год, Гравюра Цюндта. Там паказана месца каля Бернардынскага касцёла цяперашняга, дзе пазначаная гарадская шыбеніца – месца пакарання злачынцаў”.

Паліна Сцепаненка, Беларускае Радыё Рацыя