Алесь Крой: Сітуацыя з наборам у беларускія класы складаная
У Гародні набор у першыя беларускія класы 32-ой і 34-ай школаў дастаткова кволы. Калі бацькі ў 32-ой школе маюць пэўныя надзеі, што клас будзе створаны, бо там сабрана 9 заявак на навучанне, то ў 34-ай школе пакуль сітуацыя застаецца невядомай да канца жніўня.
Кажа Алесь Крой, сябра нацыянальнай Рады Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны з Гародні:
– Абстаноўка паўсюль вельмі складаная. Тое, што гадоў 5-6 таму былі нейкія надзеі на дзяржаву, то яны на сёння фактычна паступова рассейваюцца. Адзіная надзея на простае беларускае грамадства. Калі беларусы ўсё ж такі даспеюць да разумення, што мова – гэта галоўнае, галоўны чыннік любога народа, з гэтага пачынаецца ўсё, – тады, магчыма, большая будзе актыўнасць.
У Гародні лінгвацыд, як форма абмежавання нацыянальнай мовы ва ўсіх сферах жыцця, так і ў адукацыі, па-ранейшаму застаецца актуальным. Улады на мясцовым узроўні не жадаюць і не прадпрымаюць ніякіх дзеянняў, каб у гэтым абласным цэнтры з’явіліся школы, ці хаця бы, спачатку адна школа з беларускай мовай навучання. Але там, дзе нацыянальную справу ўлады не прасоўваюць, яны прасоўваюць іншае: імперскую палітыку русіфікацыі. Адзіная надзея застаецца на свядомых беларусаў, якія зробяць уласны выбар пры стварэнні беларускіх класаў і школаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя