Алесь Круткін: «Я гатовы абвясціць сухую галадоўку»
Учора, 28 студзеня, актывіста «Еўрапейскай Беларусі» этапавалі з Віцебска ў Полацк пад наглядам супрацоўнікаў Полацкага РАУС.
Зараз Алесь Круткін знаходзіцца ў Полацкім ізалятары часовага ўтрымання, гэта пацвердзілі мясцоваму актывісту Віктару Стукаву:
– Учора каля 20.00 я падышоў да Полацкага РАУС, дзверы былі зачынены. Націснуў на кнопку сувязі, мне адказаў дзяжурны – спытаў, што мне патрэбна. Я патлумачыў, што хачу даведацца, ці тут знаходзіцца Алесь Круткін, мне адказалі, што ён тут, у ІЧУ. Ніякай іншай інфармацыі мне не далі.
Віцебскія праваабаронцы высветлілі, што ўвечары 28-га студзеня Алеся Круткіна даставілі ў суд Полацка і Полацкага раёна. За ўдзел у менскай акцыі пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» ён быў пакараны арыштам на 15 сутак паводле ч.3 артыкула 23.34 КаАП. У той самы дзень яго судзілі ў Віцебску за расклейванне налепак «Калгаснай дыктатуры – баста» на будынку Віцебскай абласной пракуратуры. Але суддзя Ілля Белавус не стаў разглядаць гэтую адміністрацыйную справу і адправіў матэрыялы на дапрацоўку ў міліцыю.
Перад ад’ездам у Полацк Алесь Круткін папярэдзіў сваіх аднадумцаў і журналістаў, што абвесціць сухую галадоўку, калі яго не адпусцяць на волю. Звестак з Полацкага ІЧУ, ці спраўдзіў актывіст сваё абяцанне, пакуль няма.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск