Алесь Лагвінец: Рэжым дзейнічае так, каб расколваць грамадства



«Мы жывем у перыяд так званай гібрыднасці. Спачатку можа быць крок у бок нейкай лібералізацыі, а затым тымі ж самымі асобамі зроблены 2-4 крокі назад. Гавораць адно, а робяць зусім іншае. Дэпутатка, якая зрабіла ўсё, каб заблакаваць прыняццё закона на дзвюх мовах, можа казаць потым, што вельмі любіць беларускую мову». Так палітолаг Алесь Лагвінец каментуе працяг блакавання незалежнага сайта «Хартыя-97» у Беларусі. 

– Блакаванне сайту “Хартыя-97” – гэта, зразумела, чыста палітычнае рашэнне. Гэта зроблена дзеля таго, каб паспрабаваць паглядзець, якая будзе рэакцыя. Зразумела, пэўную колькасць прыўладных людзей гэты сайт раздражняў. Зразумела таксама, што для пэўнай колькасці людзей, якія вельмі не задаволеныя рэжымам, гэты сайт быў і ёсць такім глытком паветра.

«Такімі захадамі як блакаванне «Хартыі» ўлады робяць усё, каб ў Беларусі не было нармальнага дыялогу ў грамадстве. Рэжым дзейнічае так, каб раскалываць грамадства, зводзіць яго да скрайніх пазіцыяў і радыкалізаваць слабейшых. Маўляў, паглядзіце, нават і няма з кім дамаўляцца», – дадае палітолаг Алесь Лагвінец.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя