Алесь Лобан: Мінздароўя хавае колькасць хворых, каб не шакаваць грамадства
Каронавірусная інфекцыя COVID-19 застаецца найважнейшай тэмай, як для нашай Беларусі, так і для ўсяго свету.
“Госць Рацыі” – лекар і блогер з Гародні Алесь Лобан распавядзе пра дзеянні ўладаў, паводзіны людзей і дзейнасць медустановаў на шляху абароны, дыягностыкі і лекавання небяспечнага віруса.
РР: Што, на вашую думку, сёння важней для беларусаў – ведаць пра тое, што хвароба стукаецца ў вашыя дзверы, ці няведанне? Чаму Міністэрства аховы здароўя хавае аб’ектыўную інфармацыю пра смяротнасць і колькасць захворванняў у нашай краіне? Ці ўвогуле магчыма сёння аб’ектыўна даць колькасць захварэўшых на каронавірус?
Алесь Лобан: Канешне, ведаць заўсёды лепш, чым не ведаць. Людзі мусяць ведаць, як распаўсюджваецца хвароба, дзе яе больш. А Міністэрства аховы здароўя хавае ад нас гэтую інфармацыю. Я мяркую, што па-просту рэальныя лічбы захварэўшых настолькі ўжо вялікія, што яны баяцца іх агучваць, бо гэта выкліча шок у грамадстве і патрабаванне неадкладных мераў па абмежаванні распаўсюду інфекцыі. І, канешне, гэта, на маю думку, дзеянні, якія падпадаюць пад Крымінальны кодэкс. І я спадзяюся, што ў будучай вольнай Беларусі гэтым дзеянням будзе дадзена ацэнка і прававая, і судовая адпаведнымі органамі.
РР: Ці задавальняе Вас існы стан самаізаляцыі ад каронавірусу ў Беларусі ў святле таго, што мы маем дазвол і нават загад ісці дзецям у школу?
Алесь Лобан: Ну, наконт таго, што дзяцей зараз пасылаюць у школу, гэта наогул глупства. Асабліва пасля таго, як дзеці прасядзелі ў хатах некалькі тыдняў, калі каронавірус не меў такога распаўсюду па Беларусі, а цяпер, калі колькасць захварэўшых значна вырасла, дзяцей пасылаюць у школу. Гэта ж зразумела – у Беларусі адбываецца тое, што скажа Лукашэнка. Бо ніводзін з высокіх чыноўнікаў не ў стане сказаць нешта насуперак, бо крэсла, на якім ён сядзіць, даражэйшае за сумленне, за здаровы сэнс. Таму, канешне, дзяцей у школу пасылаць не трэба.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня