Алесь Лозка: Сітуацыя з беларускамоўнымі школамі і садкамі сумная



Як беларускамоўныя школы і садкі рыхтуюцца да пачатка навучальнага году? Менш ці больш стала беларускамоўных школ у краіне? На гэтыя пытанні адказвае старшыння ГА “Таварыства беларускай школы” Алесь Лозка.

Алесь Лозка: У параўнанні з мінулым годам сітуацыя па сутнасці не змянілася. У сталіцы будуць працаваць тыя ж самыя гімназіі, хоць беларускамоўная школа – у крызісе. І ён працягваецца. У Мінску наогул няма ніводнай такой школы – толькі гімназіі. А, калі разглядаць сітуцыю ў цэлым па краіне, то ёсць яшчэ адна праблема – у вёсках школьныя навучальныя ўстановы аптымізуюцца. Знікаюць малакомплексныя беларускамоўныя школы, дзяцей пераводзяць у класы з рускай мовай.

РР: А што чуваць у дзіцячых садках?

Алесь Лозка: Тое самае. Работнікі адукацыі не вельмі хочуць чамусьці, каб былі беларускамоўныя групы, таму кажуць, што неабходна, каб група была поўная ці нешта яшчэ прыдумваюць. У Мінску у мікрараёне “Малінаўка” бацькі сабралі каля 15 заяў на беларускамоўную групу ў садку і нічога не атрымалася. То заяў мала, то няма адпаведных выкладчыкаў…

РР: Вы можаце прывесці лічбы: колькі зараз у Беларусі беларускамоўных навучэнцаў?

Алесь Лозка: Ніхто гэта асабліва не адсочвае.Наколькі мне вядома, такіх навучэнцаў па краіне – 13-15 працэнтаў ад усіх. Адно можна сказаць дакладна – з кожным годам гэтая лічба пакрысе памяншаецца. Адным словам, сітуацыя сумная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя