Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава зноў аштрафаваныя на вялікую суму



Берасцейскія журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 4 сакавіка аштрафаваныя судом Маскоўскага раёна агулам на 120 базавых велічынь.

Журналістаў абвінавацілі на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП — праца на замежны СМІ без акрэдытацыі, а менавіта ў стварэнні і перадачы двух матэрыялаў для польскага тэлеканала „Белсат”.

На Леўчука былі складзеныя два пратаколы за сюжэт пра праблемы жыхароў берасцейскай вуліцы Паплаўскага і асвятленне пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода; на Харытонаву — адзін пратакол, за асвятленне пратэсту. Паводле слоў журналістаў, міліцыя не паведаміла ім пра складанне пратакола, а суд не палічыў патрэбным прыняць да разгляду шэраг хадайніцтваў, дасланых Леўчуку і Харытонавай у суд па электроннай пошце. Журналісты не ўдзельнічаюць у саміх судовых працэсах, бо лічаць іх палітычна матываванымі. У выніку суддзя Раман Карабан пакараў Леўчука 80 базавымі велічынямі штрафу (2.040 рублёў), Харытонаву — 40 (1.020).

„Лічу, што ўлады працягваюць вайну супраць незалежных журналістаў і блогераў, усіх, хто можа пісаць і здымаць. Мая сям’я з лета мінулага года адчувае каласальны націск, які на нас робіць улада. Яны не збіраюцца спыняцца”, — заявіў БелаПАН Ляўчук.

У 2018 годзе Леўчука і Харытонаву судзілі шэсць разоў, сёлета — тры разы, іх агульны штраф склаў амаль 9.500 долараў ЗША. 3 сакавіка журналісты былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі, якія склалі чарговыя пратаколы за асвятленне пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.

БелаПАН