Алесь Ляўчук: За 10 гадоў супрацы з Белсатам такі ціск адчуваем упершыню
Берасцейскія журналісты Мілана Харытонава і Алесь Ляўчук, над якімі 25 студзеня мусіў адбыцца суд, на яго не пайшлі. Судовы разгляд мусіў адбыцца на падставе чатырох складзеных пратаколаў на дваіх, па частцы 2 артыкула 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях – „праца на замежныя СМІ без акрэдытацыі”. Пратаколы складаў супрацоўнік Ленінскага РАУС Берасця Артур Жыдкоў, бо ўбачыў правапарушэнне ў тым, што журналісты працавалі на акцыях супраць будаўніцтва акумулятарнага завода 2 і 30 снежня 2018 году.
Кажа Алесь Ляўчук:
– Cупрацоўнічаем з Белсатам ужо 10 гадоў і за гэты час гэта самыя вялікія рэпрэсіі. Ніколі не было такога ціску. Цяжка сказаць чаму, ёсць два варыянты: або ў краіне рыхтуецца нешта даволі сур’ёзнае, пакуль невядома што, і таму важна заткнуць раты ўсім незалежным журналістам, каб яны былі пад поўным кантролем; альбо КДБ, міліцыя і ўлады адпрацоўваюць новы закон аб СМІ.
Пра вынікі разгляду адміністрацыйнай справы Харытонавай і Ляўчуку пакуль нічога невядома. Яны не збіраюцца звязвацца з судовай адміністрацыяй і таму будуць чакаць афіцыйных папераў. За апошні год і пачатак 2019-га над Харытонавай і Ляўчуком ўжо адбылося 7 такіх паседжанняў з вынікамі не на карысць журналістаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.