Алесь Марачкін: Cімволіка фармуе дух нацыі



Мастак і грамадскі дзеяч Алесь Марачкін распавядае, чаму чынавенства так зняважліва ставіцца да сваёй гісторыі і сваіх сімвалаў.

Алесь Марачкін

Алесь Марачкін (Фота charter97.org)

На мінулым тыдні неафіцыйна за шалікі з „Пагоняй” (а афіцыйна – за лаянку) затрымалі на ўсю ноч у міліцыі заўзятараў, якія прыйшлі на матч Беларусь – Македонія. Пасля яшчэ далі і штраф.

Пасля гэтага шырокі рэзананс набыла фота ў сацыяльных сетках кадэтаў у кашулях з „Пагоняй”. Кажуць, што хлопцаў ужо збіраліся адлічыць, але кіраўніцтва школы, напэўна, перадумала.

Адкуль у беларускага чынавенства столькі нелюбові да сваёй гісторыі і да сваіх нацыянальных сімвалаў?

Алесь Марачкін: Я вельмі падтрымліваю кадэтаў, хлопцы – проста малайцы! У мяне з гэтай нагоды і ў самога нарадзілася ідэя напярэдадні выставы “25 гадоў суполцы “Пагоня”, якая запланавана на 24 лістапада. Мы там выставім законны герб “Пагоня”, якому афіцыйна нададзены статус нацыянальна-гістарычнай каштоўнасці.

РР: Чаму чыноўнікі з нейкай варожасцю ставяцца да гэтых афіцыйных сімвалаў?

Алесь Марачкін: Гэты механізм запушчаны даўно. Калі пасля так званага рэферэндуму збэсцілі нацыянальныя сімвалы, зняважылі апазіцыю, якая абараняла гэтыя каштоўнасці, то такім чынам улада апыляла ўсю бюракратыю нянавісцю да гістарычных нацыянальных сімвалаў. Гэта пачалося напрыканцы 90-х, чыноўнікі ўспрынялі такі крок, як пасыл, каб не дапушчаць усё нацыянальнае ні ў якім разе. Наступствы мы бачым і сёння, хоць улада, можа быць, ужо і не кажа пра гэта. Механізм запушчаны, ён у свядомасці чынавенства сядзіць, як стрэмка. Зараз застаецца толькі змагацца з гэтай праявай і ўказваць, што вось гэтыя чыноўнікі – і ёсць “пятая калона”. Гэта ворагі беларушчыны.

РР: Можна зразумець, калі міліцыянты не ведаюць гісторыю, але ж людзі, якія працуюць у сферы адукацыі, павінны ведаць сваю гісторыю і свае сімвалы.

Алесь Марачкін: Дык жа ўся адукацыя ў нас сёння кіруемая. Яна ўжо выхаваная. Хто сёння на выбарчых участках “працуе” на ўладу? Работнікі адукацыі.

РР: Ці верыце вы, што сітуацыя можа змяніцца ў лепшы бок?

Алесь Марачкін: Думаю, што так. Паглядзіце на Літву, Латвію, Польшчу, Украіну… Гэта нашы суседзі, якія абараняюць сваю незалежнасць, ганарацца сваімі сімваламі. Ёсць з каго прыклад браць. А мы цягнемся ў гэтае балота пад назвай “інтэграцыйны блок з Расеяй”… Але сёння тыя ж кадэты паказалі, што не ўсё так безнадзейна. Шкада, што працэс ідзе так павольна, але ж ён ідзе. І ў першую чаргу творчыя людзі – мастакі ды літаратары – павінны смела прапагандаваць свае нацыянальныя каштоўнасці. Няма такога закону, каб іх забараняць. І таптаць гэтыя сімвалы нікому не дазволены. Гэтыя сімвалы – сакральныя, яны хрысціянскія. Яшчэ Васіль Быкаў у свой час казаў, што на ўзроўні падсвядомасці сакральная сімволіка фарміруе дух нацыі і дух асобы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя