Алесь Мaсюк: Мяне ўзялі б на працу, калі б я не займаўся палітыкай
Апеляцыйную скаргу па грамадзянскай справе Алеся Мaсюка са Слоніма супраць дырэкцыі мясцовага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі разглядала калегія Гарадзенскага абласнога суда ў складзе Юрыя Карэцкага, Вячаслава Міхевіча і Зоі Нікольскай.
У лістападзе 2019 года Алесю Мaсюку дырэктарка Цэнтру адукацыі адмовіла ў працаўладкаванні з-за нібыта „неадпаведнасці кваліфікацыі”, якую, яму ж, прапанаваў Цэнтр занятасці Слоніма. Без працы Алесь знаходзіцца ўжо паўгода. Суд не падтрымаў апеляцыйную скаргу і пагадзіўся з рашэннем Слонімскага раённага суда. Кажа заяўнік скаргі.
– Нахабнае парушэнне закона. Відаць, Слонімскаму суду была пастаўлена задача адмовіць мне ў задавальненні майго іска. Ім нешта трэба было прыдумаць, і яны прыдумалі Дэкрэт №5. Хаця па гэтым жа дэкрэце мяне маглі б спакойна браць на гэтую працу. Мяне б ужо даўно без праблемаў узялі б на дзесяць працаў, калі б я не займаўся палітыкай, грамадскай дзейнасцю, калі б я паддакваў уладам.
Маральна падтрымаць Алеся Мaсюка ў абласны суд прыйшлі праваабаронцы, журналісты незалежных СМІ.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня