Актывіст з Кобрына змагаецца за права ўскладаць кветкі да помнікаў нацыяльным героям



Грамадскі актывіст Алесь Мех з Кобрына адстойвае права ўскладаць кветкі да помнікаў нацыяльным героям.

“Я звярнуўся ў Вярхоўны суд РБ з абскарджваннем рашэння судовай калегіі Берасцейскага абласнога суда, на якой было падтрымана рашэнне суда Кобрынскага раёна”, – кажа Алесь Мех:

– Святкавалі ўгодкі Кастуся Каліноўскага і яго паўстанцаў. За ўскладанне кветак да помніка паўстанцам мяне аштрафавалі, а сына прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці па справах непаўнагадовых.

Паводле Алеся Меха, гэта апошняя інстанцыя ў Беларусі, дзе можна шукаць справядлівасць. Пры адмоўным рашэнні актывіст звернецца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Ён лічыць, што яго правы і правы сына парушаны.

Суд Кобрынскага раёна напрыканцы мінулага года пакараў актывіста штрафам за ўскладанне кветак ля помніка паплечнікам Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы

Беларускае Радыё Рацыя