Алесь Мех падаў касацыйную скаргу



Грамадскі актывіст з Кобрына Алесь Мех падаў касацыйную скаргу ў Менскі гарадскі суд. Ён патрабуе адмяніць рашэнне суддзі Цэнтральнага раёну сталіцы Таццяны Рак, якая пакарала яго штрафам у 40 базавых велічынь за ўдзел у Народным сходзе на плошчы Свабоды 4 кастрычніка.

Алесь Мех прыгадвае, што на сходзе выступалі супраць расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі:

– Мы краіна нейтральная. Расейская вайсковая база ўтварае напружанасць у нашым рэгіёне і нясе прамую пагрозу нашым суседзям – Украіне, Польшчы, Літве. Я сам расцэньваю гэтыя планы Крамля як прамы акт агрэсіі супраць нашай краіны. Мы выйшлі бараніць Беларусь, а нас гэтая ўлада штрафуе і пераследуе. Я разумею, што ўлада дзейнічае па ўказанні Крамля. Але ж мы будзем і далей бараніць Беларусь.

Акрамя Алеся Меха, буйнымі штрафамі за ўдзел у Народным сходзе былі пакараны Мікола Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька ды іншыя палітыкі.

Беларускае Радыё Рацыя