Алесь Пушкін: А там замест цішы – дынамікі і нацыянальны сцяг!



 

Пакуль у беларускай інфапрасторы збольшага гаварылі пра 1000-годдзе Берасця і фестываль «Lidbeer», частка беларусаў аддала перавагу старому і напаўзабытаму фэсту «Аршанская бітва», які ў апошнія гады з-за ціску ўладаў адбываўся паўлегальна. Зрэшты, ранкам 8-га верасня, калі на Крапівенскім полі ўжо з вечару стаяла намётавая мястэчка, на месца славутай бітвы завітала і госця, якая паспела пабываць на святкаванні 1000-годдзя Берасця і за ноч даехала да Крапівенскага поля. А ўсяго гасцей было некалькі дзясяткаў, прычым 20 чалавек начавалі на полі.

Такога сёлета не чакаў адзін з даўніх удзельнікаў фестывалю «Аршанская бітва» Алесь Пушкін:

– Калі я выехаў з Бабра на ноч і прачытаў, што Генадзь Шэпелеў – вартавы крапіўнага поля, то паехаў падтрымаць яго. Я падумаў, што мы будзем дзесьці ўдвух, можа яшчэ будуць да нас падыходзіць Васіль ды пару чалавек. Але мне было так прыемна, што калі я ішоў па дарозе на Гацькаўшчыну, я ўжо бачыў, што свеціцца велічэзным бел-чырвона-белым сцягам поле. Выдатная падсветка, генератар, дынамікі, музыка і побач два дзясяткі людзей.

Генадзь Шэпелеў, які штогод ушаноўвае памяць ваяроў Вялікага княства на Крапівенскім полі, адзначыў, што сёлета было шмат віншаванняў з Днём беларускай вайсковай славы і шмат тых, хто расставіў намёт на полі ўпершыню ці пасля доўгага перапынку:

– Уладзь Арлоў тэлефанаваў, павіншаваў са святам, перадаваў прывітанне. Тэлефанавалі іншыя, не чакаў. Праўда, чакаў Пушкіна, знерваваўся, калі не адказаў на тэлефонны званок. Падумаў, што зноў прыйдзецца аднаму начаваць. А тут, глянь, што робіцца: беларусы павыпаўзалі са сваіх куткоў у рэшце рэшт, схамянуліся і вырашылі адзначыць свята на полі, 505-я ўгодкі. Цудоўна!

Арганізатар фэсту Юрка Копцік заявіў, што ў наступным годзе фестываль адбудзецца 5 верасня, каб было зручней з выходнымі. На яго запрашаюцца музыкі, мастакі і проста тыя, хто шануе нацыянальную гісторыю. Традыцыя фэсту «Аршанская бітва» працягваецца, сёлетнія ўдзельнікі спадзяюцца, што ў 2020 годзе яшчэ больш беларусаў пабываюць на легендарным Крапівенскім полі.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Гацькаўшына