Алесь Пушкін: Арт-супольнасць прайшла праверку на вашывасць



Арт-супольнасць Беларусі прайшла праверку на вашывасць, канстатаваў мастак Алесь Пушкін па выніках суду.

Адміністрацыйны працэс за праведзены каля крамы „Еўраопт” антыпуцінскі перформанс адбыўся ў судзе Крупскага раёну Менскай вобласці. Падтрымку мастаку першым выказаў Беларускі ПЭН-цэнтр, а таксама асобныя мастакі, літаратары ды мастацтвазнаўцы. Сярод іх – Ганна Карпенка, Міхал Гулін, Вольга Прусак, Вольга Шпрага ды Валеры Буйвал, які выступіў на судовым працэсе ў якасці экспэрта:

– Ён правёў экскурс ад першых шаманскіх дзеянняў, ад старажытнасці, ад Егіпту і скончыў вось гэтымі вядомымі рэчамі, якія рабілі Марына Абрамовіч, група „Вайна”, Pussy Riot, Паўленскі. Падкрэсліў, што ў мяне была гуманная акцыя. 

Па словах мастака, суддзя задаволіла ўсе тры ягоныя хадайніцтвы. У тым ліку, каб працэс ішоў па-беларуску. У выніку прысудзілі штраф – 204 рублі. Алесь кажа, што прынцыпова будзе выплачваць гэтую суму са сваіх сродкаў:

– Беларускі пісьменнік Валер Гапееў напісаў: „Ну паглядзім, як праз 5-10 гадоў ускрыюцца механізмы праплаты гэтага. Што тады Пушкін скажа?” Таму лагічна канешне выплаціць усё самаму. Адзінае брыдка, што прымянілі ўсё  ж такі другі артыкул, што нібыта пацярпеў маёр Таберка, які сам на судзе казаў, што ў прынцыпе і не пацярпеў.

Прытым, Пушкін не выключае, што працягне пратэст супраць крупскага „Еўраопту”, ахоўнікі якога з пагардай ставяцца да беларускае мовы.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя