Алесь Пушкін: Я раблю гэта дзеля таго, каб Беларусь жыла
Вядомы мастак Алесь Пушкін атрымаў са следчага камітэта Крупскага раёна, пасля амаль трох месяцаў чакання, ліст-адмову на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць старшыні Бобрскага сельскага савета ды сельскага выканаўчага камітэта Уладзіміра Загорскага.
Апошні сёлета, 25 сакавіка, на Дзень Волі, публічна разарваў скапіяваную творцам выяву герба “Пагоня”.
Пасля чаго, дарэчы, былы ідэолаг Крупаўшчыны, даў каманду накіраваць на разбурэнне выставы самога мастака тры трактары па ўборцы смецця.
Як успрымае сітуацыю сам мастак, які магчымы працяг? Пра гэта карэспандэнт нашага радыё запытаў у самога Алеся Пушкіна.
– Я ў Бабры за 500 год першы прафесійны мастак, вярнуўся ў сваё мястэчка пасля заканчэння Акадэміі мастацтва. Я не паехаў у Парыж, я не прасі палітычнага прытулку ў Нарвегіі, калі ў мяне была выстава. Я раблю гэта дзеля таго, каб Беларусь жыла нават пасля 20 гадоў перамогі лукашызму ёсць людзі, якія застаюцца вернымі ідэалам 25-га сакавіка бел-чырвона-белага сцяга, герба Пагоня беларускай мовы і новага неба над новай краінай.
Бліжэйшымі днямі Алесь Пушкін думае падаць паперы ў пракуратуру на новы разгляд крымінальнай справы супраць Уладзіміра Загорскага. І ў якасці прэцэдэнта – дайсці да вышэйшых судовых інстанцый краіны.
Беларускае Радыё Рацыя