Алесь Пушкін: Яны павінны ведаць, як рэальна жыве сёння народ



Мастак Алесь Пушкін распавёў, чаму трэба ўдзельнічаць у перапісе насельніцтва.

Нагадаем, што 4 кастрычніка ў Беларусі пачаўся перапіс насельніцтва, які працягнецца да 30 кастрычніка. Перапіс праходзіць пад лозунгам «Погляд на рэчаіснасць – крок у будучыню». Папярэдняя кампанія праводзілася 10 гадоў таму. За чатыры дні, па стане на раніцу 8 кастрычніка, у інтэрнэце перапісалася 521 тысяча чалавек.

Алесь Пушкін: Перапіс насельніцтва – гэта вельмі важнае мерапрыемства пры любой уладзе. Дзяржава такім чынам аналізуе ўвесь стан цяперашняга грамадства, і гаворка тут ідзе не толькі нейкія лічбавыя рэчы. Іншая справа, што некаторыя лічбы могуць і насамрэч засакрэціць, і мы можам не даведацца пра сапраўдную карціну. Напрыклад, я не разумею, чаму не ўлічваюць тых, хто год не жыў у Беларусі. Атрымліваецца, што не хочуць агучваць, колькі людзей з’ехала з краіны. Але ў любым выпадку, на мой погляд, трэба ўдзельнічаць у перапісе, каб максімальна шчыра адказаць на пастаўленыя пытанні. Ва ўсялякім разе, улада павінна ведаць, як і чым рэальна жыве сёння народ.

РР: І трэба таксама ўдзельнічаць у перапісе, каб выказаць сваё стаўленне да роднай мовы…

Алесь Пушкін: Безумоўна, гэтае пытанне адназначна нельга ігнараваць. Ад голаса кожнага з нас будзе залежыць і тое, якія далей захады будуць прымацца дзеля таго, каб мова і культура развіваліся. Мяркую, дзяржава адназначна зробіць нейкія высновы, калі ўбачыць рэальную карціну.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя