Алесь Рамановіч: Недавер да ўлады вельмі моцны
На Піншчыне сфармаваныя дзве тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі – гарадская і адпаведна раённая. У іх складзе няма прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый альбо прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый.
Пінскі праваабаронца, сябра Партыі БНФ Алесь Рамановіч мяркуе, што мясцовая выбарчая кампанія пройдзе па звыклым сцэнары:
– Тут нічога не змянілася. Як раней было – так і зараз. Усё будзе па накатанай ісці, як заўсёды, як прывыклі. Я думаю, нічога новага не будзе. Фактычна людзі не вераць у выбары. Не вераць у дэпутатаў, не вераць у справядлівасць выбараў. Недавер да ўлады вельмі моцны. Людзі проста не вераць, але яны яшчэ і баяцца.
У пінскім рэгіёне дзейнічае раённы і гарадскі Саветы дэпутатаў, агульная колькасць мандатаў у якіх амаль 60.
Ад 1999 года ў абодвух дэпутацкіх карпусах не было прадстаўніка альтэрнатыўнай думкі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя