Алесь Рамановіч: Улада ўпэўнілася ў згасанні пратэстаў



„Як толькі ўлады бачаць паслабленне прыхільнікаў перамен – адразу ж узмацняюцца рэпрэсіі”, – так пачатак судовага канвеера ў Пінску пракаментаваў сябра “Руху „За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч.

На ягоную думку, дзеючая ўлада ўпэўнілася ў згасанні пратэстаў:

– Спачатку ўлады разгубіліся таму, што калі быў жорсткі разгон дэманстрацый, народу выйшла яшчэ больш. Але з цягам часу гэты настрой у людзей трошкі пачаў спадаць таму, што нічога не адбываецца, людзі пачалі стамляцца і ўлада проста пачала рабіць тое, што рабіла заўсёды. То бок арыштоўваць, штрафаваць менавіта людзей, якія больш актыўныя, каб запужаць людзей, каб іншыя проста не высоўваліся, не вылазілі і сядзелі па дамам.

Ад чацвярга ў Пінску масава караюць нязгодных. Па 15-сутак атрымалі лідары мясцовых пратэстоўцаў – Юрый Бахцераў і Анаталь Ваткевіч, а таксама звычайны ўдзельнік акцый Валерый Хрысцюк. Прамоўца на нядзельным Народным сходзе Таццяна Кебікава атрымала 40 базавых, а Вераніка Іванова – 20 базавых. Звыш дзесяці пінчукам – прыхільнікам перамен – далі па 10 базавых. Суды працягнуцца на наступным тыдні.

Беларускае Радыё Рацыя