Алесь Рамановіч: Вязняў пхаюць у грашовую кабалу
Сума маральнай шкоды, якую міліцыянтам павінны сплаціць асуджаныя па “пінскай справе”, будзе яшчэ павялічвацца ў залежнасці ад з’яўлення новых фігурантаў. На сённяшні дзень пінчукі-палітвязні агулам павінны выплаціць звыш 70-ці сілавікам каля 210 тысяч рублёў.
Па словах праваабаронца Алеся Рамановіча, вязняў усё больш піхаюць у грашовую кабалу:
– Сплачваць прыйдзецца ў салідарным парадку. Гэта атрымліваецца, што ўсе агулам, нават тыя, каго зараз судзяць і будуць гэтыя прысуды, будзе прызначана ізноў выплата. Яны павінны гэтую суму сплаціць разам. Калі хтосьці заплаціць, але суму будзе недаплачаная, то яна ўсё роўна будзе вісець.
Па “пінскай справе” ужо асуджана 24 жыхары Пінска, яшчэ двух судзяць у Берасці. Працэс над апошнімі ідзе ў закрытым рэжыме.
Беларускае Радыё Рацыя