Алесь Рамановіч: Затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве
Ноч з панядзелка на аўторак пінскі сябра “Руху “За Свабоду”, праваабаронца Алесь Рамановіч правёў у мясцовым ГАУСе.
Затрыманне адбылося ў скверы Паўночнага мікрараёна Пінску а палове восьмай вечара, але пратакол склалі толькі а чацвёртай раніцы.
Грамадскі дзеяч распавёў падрабязнасці:
– Мяне затрымалі пэпээсаўцы, адвозілі мяне на машыне амапаўцы. Дарэчы, у амапаўцаў тады працавала рацыя, шмат было чутно, што патрэбна дапамога там, патрэбна дапамога там. Самі амапаўцы перагаворваліся. Затрыманне – проста помста міліцыі за тыя падзеі, якія былі ў ноч з 9-га на 10-е жніўня, калі людзі ў Пінску іх разграмілі. Мяне абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.
Нагадаем, што ўвечары 9-га жніўня каля 2 тысяч пінчукоў атачылі Пінскі гарадскі выканкам з патрабаваннем сумленнага падліку галасоў. У ноч на панядзелак адбылася сутычка пратэстуючых з міліцыянтамі.
Беларускае Радыё Рацыя