Алесь Смалянчук прачытаў у Менску лекцыю пра Рамана Скірмунта
Сёлета адзначаюць 150-годдзе першага прэм’ера БНР Рамана Скірмунта. У менскім клубе «Грай» пра род Скірмунтаў прачытаў публічную лекцыю гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук:
— У ліпені 1919 года была ягоная сустрэча ў Варшаве з Пілсудскім і ёсць такая версія, якую я ў прынцыпе падтрымліваю, што магчыма адным з варыянтаў развіцця падзеяў у 19-м годзе, калі ўжо ішла польска-бальшавіцкая вайна, у Пілсудскага было фармаванне беларускага ўраду на чале са Скірмунтам. Ураду абсалютна сяброўскага да Польшчы. Як тая вайна праходзіла вы ведаеце, там фактычна аказалася так, што калі бальшавікі аказвалі моцны супраціў, можа з гэтага нешта і выйшла б, але бальшавікі былі разбітыя. Урэшце рэшт, можна казаць, што гэты «беларускі эпізод» Скірмунта, вельмі яркі, вельмі важны для беларускай гісторыі заканчваецца недзе ўлетку 1919 года.
Раман Скірмунт меў доўгае палітычнае жыццё. Ён быў дэпутатам Дзярждумы ў Расейскай імперыі, першым прэм’ерам БНР і сенатарам у міжваеннай Польшчы.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск