Алесь Стральцоў: Увесь беларускі народ – гэта палітвязні



Трэба яшчэ больш працаваць з замежнікамі ў справах беларускіх палітвязняў і іх вызвалення. У гэтым перакананы беларускі палітык, грамадскі дзеяч Алесь Стральцоў, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, але шукае спосабы, як дапамагчы тым, хто зараз у Беларусі за кратамі па крымінальных палітычна матываваных справах.

Наш сённяшні „Госць Рацыі” у гутарцы з Алісай Поль распавёў больш падрабязна, чаму варта пісаць лісты за краты і якія яшчэ спосабы могуць спрацаваць:

РР: З чаго пачыналася ваша дапамога палітвязням? Што вас зматывавала ў той момант?

Я напісаў лісты Валіку Стэфановічу і Алесю Бяляцкаму – гэта кіраўнікі „Вясны”. Гэта мае вельмі старыя знаёмыя, некалі яны побач са мной здымалі пакойчык, гэта было ў 1998 ці 1990 гг. Пасля я быў сам у „Вясне” нейкі час, нават назіральнікам і гэтак далей. Я іх вельмі добра ведаю. Мы разам супрацоўнічалі. Таму я напісаў гэтыя два лісты асабіста ім. Я б хацеў напісаць нашмат больш лістоў, бо вельмі багата з тых, хто зараз сядзіць, гэта ўсё мае сябры, мае блізкія знаёмыя. Людзі з якімі я шчыльна камунікаваў, кімсьці там сябраваў з канца 90-х гадоў. Таму для мяне ўсе гэтыя прозвішчы, якія гучаць, што гэты чалавек атрымаў 16-ць гадоў, той у рэанімацыі і гэтак далей. Гэта для мяне не проста прозвішчы, гэта людзі якіх я ведаю па дваццаць гадоў.

РР: Які змест у лістах вы сабе дазвалялі?

Не ведаю наконт самацэнзуры, я лічу, што самы лепшы спосаб падтрымаць палітвязняў, гэта ці зрабіць нарэшце нейкую рэвалюцыю, бо хто нам дапаможа. Украіна, Штаты, Еўропа дадуць магчымасці націснуць на рэжым, на спонсара рэжыму Пуціна, дадуць магчымасць вызваліцца. Усе нашыя лісты па праўдзе кажучы, гэта такая паліятыўная мера. Увогуле я лічу, што ўвесь беларускі народ – гэта палітвязні па вялікім рахунку. Людзі, якія там зараз ходзяць у школу, ва ўніверсітэт, якія ходзяць на працу, іх проста ўбіваюць у таталітарную сістэму. Я перад выездам з Беларусі год таму, я вёў лекцыі ў БДУ. Зайшла нейкая намесніца дэкана, гэтыя няшчасныя студэнты ўскочылі перад ёй, усе так натрэнаваныя, хіба толькі „Хайль Гітлер!” не крыкнулі. За нашымі часамі такога не было. Заходзіць не міністр адукацыі і не прэм’ер-міністр, хаця дзесьці ў Ельскім універсітэце і перад міністрам ніхто б там асабліва не кінуўся ўставаць. То бок Уся Беларусь – гэта зона таталітарызму. Якая іншая магчымасць падтрымкі палітвязняў? Я таксама быў палітвязнем, я быў адным з першых палітвязняў у Беларусі па справе 14-ці. Я хачу сказаць, што не памятаю, каб The Wall Street Journal са мной пісала інтэрв’ю, каб ішоў неверагодны міжнародны ціск на Лукашэнку, каб пра мяне пісалі шведскія газеты, яшчэ нейкія газеты бралі інтэрв’ю. Гэта сапраўдная падтрымка. Я лічу, што ўсе нашыя палітвязні вельмі мужныя. Я напісаў Валіку, што ён вельмі моцны і мужны і г.д.

РР: Ці атрымалі вы адказ хоць ад аднаго палітвязня?

– Не, адказы мне не прайшлі. Я спадзяюся, што хаця б дайшоў мой ліст. У гэтай таталітарнай сітуацыі ты можам напісаць сорак тысяч лістоў, але няма спадзявання і ўпэўненасці, што яны дойдуць. У нас сітуацыя горшая за якую-небудзь фашысцкую Італію. Калі ты пісаў якому-небудзь палітвязню, то хаця б ведаў, што інфармацыя дойдзе.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Палітык Аляксандр Стральцоў дадаў, што на сённяшні момант усе беларусы – гэта патэнцыйныя палітвязні, паколькі яны жывуць пры жорсткай дыктатуры і ў любы момант за любое дзеянне ці слова могуць трапіць за краты.

Беларускае Радыё Рацыя