Алесь Сураў пра мастацтва на курсах «Мова нанова Гародня»
Мастак Алесь Сураў упершыню выступіў на моўных курсах “Мова нанова Гародня” з лекцыяй “Беларусь праз мастацтва”. Яго выступ тычыўся зменаў у сучасным беларускім мастацтве і таго, як ён сам стаў мастаком. Пра сваю працу Алесь Сураў кажа наступнае:
– Я ведаю як лекар усе мышцы цела, усе костачкі, як яны называюцца, дзе мацуюцца. Так я дызайну навучыўся. Вось гэта і ёсць беларуская адукацыя. Я чаму лёгка пайшоў пісаць жывапіс? Бо я меў гэтую глабальную адукацыю: габелены плёў, вышываў крыжыкам, чаканку і кераміку рабіў – гэта ўсё адукацыя дызайнера. Таму мне лёгка было.
Гарадзенка Наталля Карповіч адмыслова прыйшла на сустрэчу, каб сустрэцца з мастаком, працы якога яна мае ў асабістай калекцыі:
– Алесь Сураў – вельмі цікавая асоба. У мяне, напрыклад, ёсць дзве яго працы, і яны настолькі цікавыя. Адна песімістычная: гэта дарога да царквы. Думка ў аўтара была: ці дойдзе чалавек да царквы? Таму настрой сумны, колеры шэрыя. А другая карціна, наадварот, выклікае цудоўны настрой, мае цудоўныя колеры. Асоба мастака вельмі цікавая, таму я і прыйшла.
Алесь Сураў анансаваў напрыканцы сустрэчы выставу, што адкрыецца неўзабаве ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня