Алесь Яўсеянка: Праблемы беларускага войска набылі хранічны характар (абноўлена)



 Былы сябра «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» з Гомеля Алесь Яўсеянка перакананы, што новы Закон «Аб адтэрміноўках у войску» негатыўна адаб’ецца на айчыннай сістэме адукацыі.

– У нас і так узровень адукацыі вельмі нізкі ў Беларусі, падае з кожным годам. Спытайцеся вось у тых выкладчыкаў, хто працуе ў сярэдняй, у вышэйшай школах. І вось гэтая сітуацыя з адтэрміноўкамі толькі паспрыяе пагаршэнню, таму што як бы хто ні вучыўся, ні паступаў у магістратуру, аспірантуру – гэта ўжо не дурань, хто туды паступіў. І я думаю, чым болей людзей імкнецца да павышэння сваёй адукацыі, тым толькі лепей для грамадства.

Закон «Аб адтэрміноўках» прадугледжвае скасаванне прынцыпу бесперапыннага навучання ў вышэйшай навучальнай установе. Па заканчэнні бакалаўрыяту студэнты, якія не маюць на руках хадайніцтвы ад універсітэта, будуць абавязаныя адслужыць у арміі. Выпускнікі сярэдне-спецыяльных навучальных установаў перад паступленнем у ВНУ таксама пазбаўляюцца права на адтэрміноўку.

***

Прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу па Гомельшчыне Алесь Яўсеянка мяркуе, што новы Закон “Аб адтэрміноўках у войску” не вырашыць асноўныя праблемы беларускага войска. Паводле грамадскага дзеяча, дзяржава павінна пераглядзець канцэптуальныя падыходы адносна функцыянавання арміі.

– У любой нармальнай краіне гэта рашэнне таго плану, калі падняць прэстыж службы ў войску. Крызіс стаў відавочным пасля таго, як пачалі прызываць у войска, калі хто не ведае, тых, хто адседзеў у турме. І пачалася «дзедаўшчына», пачаўся гэты бардак – турэмныя стасункі. Трэба вярнуць хаця бы тое, што было, што людзі, якія адслужылі ў войску, павінны мець пэўныя ільготы пры паступленні ў ВНУ, пры прыняцці на працу, пры аднаўленні недзе на вучобе.

Закон “Аб змяненні па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы” быў падпісаны кіраўніком дзяржавы ў канцы ліпеня гэтага году. Ужо ў гэтую восень беларуская армія будзе камплектавацца прызыўнікамі па новым прынцыпе, які прадугледжвае толькі адну адтэрміноўку ад прызыва ў войску.

Беларускае Радыё Рацыя