Алесь Зарэмбюк: Ёсць неабходнасць адкрываць краіну



Заява прэс-сакратара Мiнiстэрства замежных спрау Беларусi Анатоля Глаза аб негатовасцi памежнай iнфраструктуры ў якасці галоўнай перашкоды для ратыфікацыі пагаднення аб малым памежным руху з Польшчай і Літвой адпавядае рэчаіснасці. Так лічыць сустаршыня Беларускага Дома ў Варшаве і актыўны прыхiльнiк увядзення малога памежнага руху Алесь Зарэмбюк.

„Чэргі на мяжы не знікнуць, пакуль не разбудуюць памежныя пераходы”, – адзначае Алесь Зарэмбюк і падкрэслівае прыхільнасць уладаў да таго, каб паставіць кропку ў гэтым пытанні:

– Ёсць неабходнасць адкрываць краіну – гэта эканамічная неабходнасць. З другога боку, гэта палітычная неабходнасць у сувязі са зменай палітычнай замежнай палітыкі Расеі, у тым ліку і ў дачыненні да Беларусі. Таму не лічу, што гэта нейкая мана ці хлусня. Улады думаюць у гэтым накірунку і разумеюць, што памежны рэжым як бы павольна, але дзякуючы гэтаму бязвізу да Гародні, да Берасця, і безумоўна бязвізу праз Менск да месяца фактычна на ўсю Беларусь, ён крок за крокам развівае.   

Алесь Зарэмбюк таксама звяртае ўвагу на тое, як бязвізавы рэжым і наплыў турыстаў у лепшы бок змяняюць памежныя Гародню і Берасце. Да таго ж гэта на карысць мясцовых уладаў у плане папаўнення рэгіянальнага бюджета:

– Я ведаю дакладна, што ўжо неаднаразова былі нарады ў аддзеле па турызму Берасцейскага гарвыканкама. Берасце вельмі моцна думае наконт таго, якім чынам акрамя Берасцейскай крэпасці, што яшчэ паказаць замежнікам, перадусім палякам, якія едуць у Берасце. Гэты турыстычны накірунак, ён таксама з’яўляецца цікавым і для нашых суседзяў з Польшчы, і для грамадзян іншых краінаў. Думаюць над канцэпцыямі, якім чынам паказць іншыя гісторыка-культурныя аб’екты нашай спадчыны.

Нагадаем, сёння прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіў, што памежная інфраструктура ўсё яшчэ не адпавядае неабходным патрабаванням для ўвядзення малога памежнага руху Беларусі з Польшчай і Літвой.

Пагадненні аб малым памежным руху насельніцтва з Латвіяй, Літвой і Польшчай Беларусь падпісала яшчэ ў 2010. Пакуль дзейнічае толькі беларуска-латвійскае пагадненне. Польшча і Літва ўсё яшчэ чакаюць ад беларускага боку ноту аб завяршэнні ўсіх неабходных працэдур.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя