Алеся Бука на волі. Ёй сказалі, што могуць затрымаць па 22-х артыкулах



Студэнтку Полацкага дзяржуніверсітэта затрымалі 26-га сакавіка, папярэдне правёўшы ператрус у яе інтэрнацкім пакоі і забраўшы ўсю аргтэхніку.  Як стала вядома, дзяўчына знаходзіцца ў статусе падазраванай паводле крымінальнага артыкула 369 – нібыта за абразу прадстаўніка ўлады.

Выходныя яна правяла за кратамі, а сёння, 29 сакавіка, яе выпусцілі, паведаміла маці дзяўчыны, Юлія Бука:

– Алеся вярнулася дамоў, яна цяпер у інтэрнаце, але сувязі з ёй няма, бо не вярнулі тэхніку, што ў яе забралі. Яе вінавацяць за тое, нібыта яна ў суполцы “Каратели Беларуси” пакінула нейкі каментар, хаця яна на тую суполку нават не падпісаная. Яшчэ сказалі, што яе могуць затрымаць на трое сутак паводле 22-х артыкулаў за  палітычную дзейнасць.

Паводле Юліі Букі, дачка распавяла, што на падставе таго самага артыкула 369 Крымінальнага Кодэксу ў Полацку затрымана шмат людзей. Маці лічыць, што Алесю Буку вінавацяць беспадстаўна, каб запалохаць. Алеся  Бука была ўдзельніцай відэазвароту студэнтаў ПДУ да грамадзян Беларусі, дзе быў выказаны пратэст супраць гвалту з боку міліцыі падчас мірных акцый. 11 сакавіка яна ўзяла ўдзел у флэшмобе “На што ты здольны дзеля мары”, пагаліўшы галаву на знак салідарнасці са зняволенымі па палітычных прычынах. Маці дзяўчыны не выключае, што адміністрацыя ПДУ не задаволена паводзінамі дзяўчыны і яе знешнім выглядам –  паголенай галавой і байкай з “Пагоняй”, у якой Алеся ходзіць на заняткі. Юлія Бука кажа, што падтрымлівае дачку і падзяляе яе грамадзянскую пазіцыю. Яна – гаспадыня вядомай на Глыбоччыне аграсядзібы “Родны кут”, дзе  абслугоўваюць па-беларуску і нават прапаноўваюць зніжкі для беларускамоўных гасцей.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск