Алеся Чахольскага завочна пакаралі штрафам
Суд Фрунзенскага раёна Менска пакараў сакратара Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алеся Чахольскага штрафам завочна. Суд прызнаў актывіста вінаватым ва ўдзеле ў мітынгу ў Курапатах 3 сакавіка.
„Пра тое, што быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, адбыўся суд 28 сакавіка, сведчыў міліцыянт Вячаслаў Шкут і я быў пакараны штрафам, даведаўся днямі, калі поштай атрымаў судовае рашэнне”, – кажа Алесь Чахольскі.
– Там напісана, што яны нібыта мяне папярэджвалі. Але я ні слухам, ні духам. Завочна мяне асудзілі. Гэтак жа было ў 2015 годзе за Дзяды. Такая самая гісторыя. Прыйшлося мне потым абскарджваць гэтае рашэнне. Так вось, вынеслі яны завочнае рашэнне. Мне прысудзілі 30 базавых велічынь. Гэта 690 рублёў штрафу. Канешне, буду абскарджваць гэтае рашэнне. Судовы працэс – дык судовы працэс. Будзем разбірацца.
„Хлусня стала звыклай з’явай у практыцы праваахоўнай і судовай сыстэмы Беларусі”, — пракамэнтаваў сваё пакаранне Алесь Чахольскі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя