Алеся Меха абвінавачваюць ва ўдзеле ў „паўстанні”
Грамадскага актывіста Алеся Меха выклікаюць у Кобрынскі аддзел міліцыі. Як паведаміў па тэлефоне ўчастковы лейтэнант Анатоль Тарасюк, на Меха заведзена адміністрацыйная справа як на “ўдзельніка паўстання ў Свіслачы”. Можна было б пасмяяцца, бо ён замалады для ўдзельніка паўстання Кастуся Каліноўскага, але сэнс гэтага выкліку актывіст добра зразумеў.
Кажа Алесь Мех:
– Кожны год, на працягу апошніх шасці год, я езджу ў Свіслач на ўгодкі па Кастусю Каліноўскаму і яго паўстанцаў. І кожны год з Берасцейскай вобласці разам са мной едуць людзі. І такім чынам мы не проста падтрымліваем тых людзей, якія арганізоўваюць гэтую сустрэчу, падтрымліваем і дух Беларушчыны, мы падтрымліваем гісторыю. Мы аддаем даніну павагі нашым продкам і тым людзям, якія змагаліся за нашу і вашу вольнасць.
Калі ўлады пасля 6 гадоў вырашылі прыцягваць да адказнасці за ўдзел ва ўшанаванні памяці продкаў, то гэта дэманструе іх антынароднасць і антыбеларускасць, – лічыць Алесь Мех. Пакуль актывіст чакае афіцыйную позву.
Беларускае Радыё Рацыя