Алеся Меха будуць судзіць 4 снежня



Грамадскі актывіст Алесь Мех з Кобрына атрымаў позву ў суд на 4 снежня. У позве пазначана, што ён выклікаецца ў якасці прыцягваемага да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства, кажа Алесь Мех:

– Прыйшла позва не толькі мне. Прыйшла позва, якой выклікаюць майго непаўнагадовага сына Антона Меха ў камісію па справах непаўнагадовых. Калі пачытаеш матэрыялы справы, то зразумееш, колькі людзей, колькі міліцыянтаў, колькі ўвогуле высілкаў, колькі матэрыяльных рэсурсаў дзяржава траціць на пераслед грамадзян. І прычым гэтыя грамадзяне нічога не парушылі.

Антон Мех пазбегне пакарання. Ён навучаецца ў Польшчы. Алесю Меху пагражае ад папярэджання да 30 базавых велічынь штрафу альбо адміністрацыйны арышт.

Бацька і сын Мехі прынялі ўдзел ва ўшанаванні месцаў пахавання ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага ў Свіслачы.

Беларускае Радыё Рацыя