Алесь Мех: Якія трэба яшчэ доказы, каб злачынства назваць злачынствам
Берасцейскі абласны суд накіраваў адміністрацыйную справу грамадскага актывіста з Кобрына Алеся Меха на паўторны разгляд – іншаму суддзі. Доказы Меха пра знойдзеную праслушку ў кватэры знаёмага і бандыцкі напад людзей у чорным, не змянілі рашэнне суддзі Мікалая Грыгаровіча, падрыхтаванае загадзя.
Каментуе кобрынскі актывіст:
– Я лічу, што гэта ідзе абарона свайго мундзіра. Яны зразумелі, тое, што яны зрабілі 15 жніўня, калі збілі нас за знойдзеную праслухоўку, гэта насамрэч злачынства. І калі б мы змаглі усё гэта даказаць, а мы былі на паўдарозе, каб гэтае даказаць, яны папросту спужаліся, і сістэма зноў запрацавала на сваю карысць.
15 жніўня Аляксандр Мех быў схоплены супрацоўнікамі АМАП, збіты і дастаўлены ў Кобрынскі РАУС. Там праз некалькі гадзін на яго склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Мех запатрабаваў адваката, і суд перанеслі на наступны дзень.
Актывіст паспеў зняць пабоі да суда. 16 жніўня Кобрынскі суд “спыніў адміністрацыйны працэс з прычыны недахопу доказаў”. Начальнік Кобрынскага РАУС не пагадзіўся з вынікамі разгляду справы і падаў касацыйную скаргу.
Беларускае Радыё Рацыя