Алесю Бяляцкаму інкрымінуюць толькі адзін крымінальны артыкул
У Менскім гарадскім судзе разглядзелі скаргу палітзняволенага старшыні „Вясны” Алеся Бяляцкага на падаўжэнне тэрміна заключэння пад варту. Прадказальна суддзя Яўген Хаткевіч пакінуў скаргу без задавльнення — праваабаронца застаецца за кратамі.
У СІЗА Бяляцкага ўтрымліваюць з 14 ліпеня, піша праваабарончы тэлеграм-канал.
З раскладу суда стала вядома, што Алесю Бяляцкаму прад’явілі абвінавачанне толькі па адным артыкуле Крымінальнага кодэкса — ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў). Санкцыя па гэтым артыкуле прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў.
Гэтая інфармацыя раней была невядомая, бо адвакат праваабаронцы знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а лісты вясноўца з СІЗА жорстка цэнзуруюцца. Раней паведамлялася, што, акрамя артыкула за падаткі, яго абвінавачваюць па двух частках арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Паводле абвінавачання, Алесь Бяляцкі сумесна з Уладзімірам Лабковічам, Валянцінам Стэфановічам, Дзмітрыем Салаўёвым «і іншымі неўстаноўленымі асобамі» кіравалі працай «Вясны» пасля яе ліквідацыі Вярхоўным судом у 2003 годзе. Яны «ў парушэнне нормаў Грамадзянскага і Падатковага кодэксаў» не зарэгістравалі «Вясну» ў якасці юрыдычнай асобы і падаткаплацельшчыка і не падавалі дакументы ў падатковую. Тым самым яны «схавалі ад падатковых органаў звесткі аб ажыццёўленых выплатах <…> і ўхіліліся ад прызнання арганізацыі падатковым агентам». Такім чынам праваабаронцы «здзейснілі ўхіленне ад выплаты сум падаходнага падатку <…> шляхам утойвання падатковай базы за перыяд з 2013 па 2020 год у агульнай суме не менш 113 тысяч 428 рублёў, што складае 3911 базавых велічыняў».
Нагадаем, што Алеся Бяляцкага адзін раз ужо судзілі за ўхіленне ад выплаты падаткаў. 24 кастрычніка 2011 года ён быў прысуджаны да 4,5 гадоў у выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці за «ўтойванне прыбыткаў у буйным памеры».
Як і цяпер, у той раз арышт і прысуд надыйшлі за прэзідэнцкімі выбарамі 2010 года, пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў тых выбараў, і рэпрэсіямі, што рушылі ўслед гэтым падзеям. Краіны Еўрасаюза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі тады прызналі Бяляцкага палітвязнем, а прысуд — палітычна матываваным.
Бяляцкі быў вызвалены па амністыі 21 чэрвеня 2014 года.