Алесю Гарбулю пастаўскі суд вынес папярэджанне
У Паставах 18 лістапада судзілі краязнаўцу, гісторыка і пісьменніка Алеся Гарбуля з Лынтупаў.
Ён 15 лістапада ў цэнтры Паставаў ля аптэкі зладзіў адзіночны пікет. Чалавек з інваліднасцю сядзеў на лаўцы з плакатам, які асуджаў гвалт у краіне. Падтрымаць у судзе актывіста прыйшло каля двух дзясяткаў чалавек. Судовы працэс вёў галоўны суддзя Пастаўскага суда Анатоль Карытка. Ён нават дазволіў рабіць фотаздымкі падчас пасяджэння.
На судзе Алесь Гарбуль сказаў, што не прызнае сваёй віны і рады, што такім чынам выказаў сваё стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне і нават гатовы да вышэйшай меры пакарання за свой учынак:
– Я ўсведамляў, што тэрмін зняволення будзе велікаваты. З маім букетам хваробаў я не змагу добра яго вытрымаць. Таму я гатовы быў да дэманстратыўнага самагубства, калі можна гэтую акцыю так назваць.
Алесь Гарбуль патлумачыў, чаму ён не мае страху і гатовы нават пакласці сваё жыццё на карысць сваім ідэям і лепшай будучыні ў краіне:
– З такім наборам паўстанцкіх генаў як у мяне. Мой прапрадзед па жаночай лініі ўдзельнічаў у паўстанні 1831 года. Быў пазбаўлены шляхецтва. Атрымаў 25 гадоў катаргі. Адсядзеў і вярнуўся. А тут паўстанне 1863 года. Зноў удзельнічаў. Па роду майго бацькі мая бабуля была стрыечнай сястрой славутага партызанскага камбрыга Канстанціна Заслонава.
Пастаўскі суд у асобе суддзі Анатоля Карыткі вынес Алесю Гарбулю папярэджанне і пастанавіў вярнуць яму мабільны тэлефон. Яго забралі міліцыянты падчас затрымання ў заклад штрафу, які, як яны меркавалі, прызначаць актывісту.
Пасля суда Алесю Гарбулю вынеслі яшчэ і пракурорскае папярэджанне. А грамадскіх актывістаў разам з журналістамі на відэакамеру ля будынка суда з машыны здымалі міліцыянты.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя