Алесю Госцеву – 70 гадоў
Вядомаму гарадзенскаму краязнаўцу, стваральніку музея гісторыі педагогікі Гарадзеншчыны, абаронцу гісторыка-культурнай спадчыны Алесю Госцеву – 70 гадоў!
Ягоная краязнаўчая дзейнасць пачалася яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта яго намаганнямі ў 1993 годзе, сумесна з гісторыкам Вячаславам Шведам, выйшла першая кніга пра храналогію старажытнага Горадзена, пад назвай „Кронон. Летопись города на Немане”. Працу з кнігай краязнаўца не спыняе і раіць шанаваць кнігу:
– У нас сёння вельмі добра пастаўлена праца па выданні краязнаўчай літаратуры. Нават я даўно ўжо не паспяваю ні на прэзентацыі, ні на набыццё гэтых кніжак. Тыя кнігі, якія патрэбныя краязнаўцу па яго канкрэтных працах, павінны быць у яго бібліятэцы, пры сабе. Ніякі інтэрнэт, ніякія сябры, ні міжбібліятэчны абанемент не змогуць гэтага кампенсаваць. Таму мая пазіцыя вельмі рашучая – без кнігі мы проста загінем.
Краязнаўца мае на мэце выдаць больш за дзясятак кніжак пра выбітных гарадзенцаў, якія пакінулі вялікі след у навуцы, культуры Чалавецтва. Цяпер Алесь Госцеў займаецца ўкладаннем чарговай кніжкі пра сям’ю славутага паэта Беларусі, якая жыла ў Гародні, сям’ю Багдановічаў.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня